ЧА́ШНІЦКІЯ БАІ́ 1812.

Адбыліся ў вайну 1812 31 кастр. і 14 ліст. каля г. Чашнікі пры зліцці рэк Ула і Лукомка паміж рас. корпусам ген. П.Х.Вітгенштэйна (30 тыс. чал.), які рухаўся з Курляндскай губ., і франц. карпусамі маршалаў К.​Віктора і Н.​Ш.​Удзіно. Мэта рас. войск — не дапусціць адступлення арміі Напалеона I цераз Полацк і Лепель. Франц. корпус Л.Сен-Сіра (Удзіно) пасля бою пад Полацкам адступаў ад горада, потым каля Чашнікаў аб’яднаўся з корпусам Віктора, які рухаўся з раёна Смаленска. Гэтыя карпусы (усяго каля 46 тыс. чал. пад агульным кіраўніцтвам Віктора) атрымалі загад вярнуць занятыя рас. войскамі Полацк і Лепель і адкінуць Вітгенштэйна за Зах. Дзвіну. У баі 31 кастр. рас. войскі адцяснілі франц. авангард за р. Лукомка, але, не маючы сувязі з М.​І.​Кутузавым, прыпынілі наступленне. У баі 14 ліст. рас. корпус паспяхова адбіў усе атакі франц. войск і ўтрымаў занятыя пазіцыі. На наступны дзень франц. карпусы пачалі адступленне па дарозе на Бешанковічы. План Напалеона быў сарваны.

т. 17, с. 269

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)